ПАЛЕАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (Э́РА), палеазой (ад палеа... + грэч. zoē жыццё),

першая пасля пратэразою (дакембрыю) эратэма агульнай стратыграфічнай шкалы адкладаў зямной кары фанеразою; папярэднічае мезазойскай эратэме (эры) і адпавядае палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Вылучана ў 1837 англ. геолагам А.Седжвікам. Падзяляецца на кембрыйскую, ардовікскую, сілурыйскую, дэвонскую, каменнавугальную і пермскую сістэмы (перыяды; гл. адпаведныя арт.). Пачалася 570 млн. г. назад, доўжылася каля 340 млн. гадоў.

Утвораныя ў дапалеазойскі час платформы ў Паўн. (Кіт.-Карэйская, Паўн.-Амерыканская, Сібірская, Усх.-Еўрапейская) і Паўд. (Антарктычная, Аравійская, Афрыканская, Аўстралійская, Індастанская, Паўд.-Амерыканская) паўшар’ях існавалі на працягу палеазойскай эры. Яны неаднаразова апускаліся і заліваліся морамі, у якіх намнажаліся марскія асадкі; на кантынентах фарміраваліся чырванаколерныя пароды, у паглыбленнях — вугляносныя тоўшчы (Данбас, Рурскі бас. і інш.) і эвапарытавыя ўтварэнні (Перадуральскі прагін і інш.). На працягу палеазою адбываліся вял. тэктанічныя рухі, якія суправаджаліся інтэнсіўным вулканізмам і гораўтварэннем (каледонская складкавасць, герцынская складкавасць). У канцы палеазою паўн. платформы ўтварылі суперкантынент Лаўразію, паўд.Гандвану, якія раздзяляліся акіянам Тэціс.

У арган. свеце на пачатку эры з’явіліся жывёльныя арганізмы з цвёрдым мінералізаваным шкілетам, у кембрыі — археацыяты, трылабіты, беззамковыя брахіяподы, у ардовіку—сілуры — грапталіты, імшанкі, наўтыліды, канадонтаносьбіты; у дэвоне — ганіятыты, гастраподы, замковыя брахіяподы, каралы; у карбоне—пермі — фарамініферы, пеліцыподы і інш. З пазваночных, асабліва ў дэвоне, шырока вядомы рыбы, у карбоне—пермі — разнастайныя земнаводныя. Істотныя змены адбыліся і ў раслінным свеце: у кембрыі—ардовіку пераважалі водарасці, у сілуры з’явіліся першыя расліны сушы (псілафіты), у дэвоне — мохападобныя, прапапараці, членістасцябловыя. Каменнавугальны перыяд характарызуецца росквітам дрэвападобных раслін (асн. крын ша намнажэння вугалю), пермскі — пашырэннем хвойных, з’яўленнем цыкадавых і гінгкавых. З адкладамі эратэмы звязаны багацейшыя радовішчы каменнага вугалю, нафты, мінер. солей, фасфарытаў, жал. руд, медзі, золата і інш.

На Беларусі вядомы ўтварэнні ўсіх перыядаў палеазойскай эры. Адклады сістэм: кембрыйскай (гліны, пясчанікі, алеўраліты, магутнасцю да 430 м), ардовікскай (вапнякі, даламіты, мергелі, гліны, магутнасцю да 150 м) і сілурыйскай (арганагенныя вапнякі, мергелі, гліны, магутнасцю да 630 м) пашыраны ў Брэсцкай ўпадзіне і на паўд. схілах Балтыйскай сінеклізы; дэвонскай (вапнякі, даламіты, мергелі, гліны, пясчанікі, гіпсы, ангідрыты, каменная і калійныя солі, вулканагенныя ўтварэнні, ніжнедэвонскія магутнасцю да 80 м, сярэднедэвонскія да 200 м і верхнедэвонскія да 3000—3500 м) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, Аршанскай і месцамі ў Брэсцкай упадзінах, на Жлобінскай і Латвійскай седлавінах, усх. схілах Бел. антэклізы; каменнавугальнай (пясчанікі, гліны, глініста-мергельныя пароды з праслоямі вапнякоў, даламітаў, бурых вуглёў, магутнасцю ад некалькіх метраў да 1000 м) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, на крайнім ПдЗ Валынскай монакліналі; пермскай (чырванаколерныя пясчанікі, гліны, даламіты, гіпсы і інш., магутнасцю 30—500 м) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, Брэсцкай упадзіне, на паўд. схілах Балтыйскай сінеклізы. Да адкладаў палеазою прымеркаваны радовішчы нафты, каменнай і калійных солей, даламітаў, гаручых сланцаў, даўсаніту, пітных і мінеральных вод, расолаў.

Літ.:

Кузнецов С.С. Историческая геология. М., 1962;

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981.

С.А.Кручак.

т. 11, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)